ArabicBelarusianChinese (Simplified)EnglishRussianSpanish
19
Пт, Кра

Курсанты СЭФ - на вышыні прамоўніцкага майстэрства

На адборачным этапе міжнароднага конкурсу прамоўніцкага майстэрства «Цыцэроній-2018» курсанты СЭФ былі прызнаны лепшымі.

На базе крымінальна-выканаўчага факультэта Акадэміі МУС 30 сакавіка прайшоў адборачны этап конкурсу прамоўніцкага майстэрства «Цыцэроній-2018», у якім прынялі ўдзел курсанты усіх факультэтаў Акадэміі МУС.

«Цыцэроній-2018» - конкурс прамоўніцкага майстэрства, які збірае студэнтаў з розных краін і дае магчымасць абмяняцца вопытам у сферы сцэнічнага і прамоўніцкага майстэрства, у цікавай форме паднесці важную інфармацыю, што хвалюе удзельнікаў, а таксама заявіць пра сябе як чалавека, які можа хораша, насычана, пісьменна і пераканаўча выказвацца.

Для адборачнага этапу курсанты павінны былі падрыхтаваць выступы на тэмы «Рэпартаж з месца падзеі» і «60 гадоў Акадэміі МУС». Юным прамоўцам трэба было раскрыць праблематыку свайго выступу за тры хвіліны. Трэба адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі курсантаў: разнастайнасць тэм здзішляе сваёй незвычайнасцю і актуальнасцю, падрыхтаваныя выступы былі поўныя красамоўных выразаў, якія былі паднесены вельмі пісьменна, а рэпартажы дапамаглі гледачам спаўна ацаніць усю крэатыўнасць удзельнікаў. Конкурс сабраў у актавай зале крымінальна-выканаўчага факультэта 20 курсантаў, якія на працягу 2 гадзін уражвалі журы і гледачоў прыгажосцю сваіх выступаў.

Па выніках прамоўніцкіх спаборніцтваў 3 месца дасталося курсанту 1 курса следча-экспертнага факультэта Марыі-Ніке Жукавай. Другое месца было аддадзена аднакурсніку Марыі-Нікі - Іларыёну Паршанкову. Пераможцам адборачнага этапу конкурсу стаў курсант 2 курса следча-экспертнага факультэта Ўладзіслаў Пішчулін.

Для Ўладзіслава гэта быў першы выступ перад вялікай аўдыторыяй. Курсант распавёў пра свое пачуцці, калі ён знаходзіўся на сцэне і на яго былі скіраваны шматлiкiя погляды:

 

- Была поўная зала. Перад выхадам на сцэну я хваляваўся, перажываў, што прысутныя могуць не зразумець мяне і выступленне пойдзе не так, як задумана. Але вывучаны тэкст, правільная падача і ўвага гледачоў дапамаглі добра выступіць. Хвалюючым было, вядома ж, абвяшчэнне вынікаў.

Наперадзе нашых фіналістаў чакае яшчэ адзін конкурс аратарскага майстэрства - на базе Ваеннай акадэміі адбудзецца форум выступоўцаў «Златавуст». Спадзяемся, высокi ўзровень прамоўніцкага мастацтва курсантаў Акадэміі МУС прывядзе іх да перамогі на сцэне міжнароднага конкурсу «Цыцэроній».

 


Павел Карнавух, 2 курс.
Фота Кацярыны Місевай

Навіны