На следча-экспертным факультэце адбылася сустрэча курсантаў з народнай артысткай Беларусі, знакамітай актрысай тэатра і кіно - Таццянай Мархель.
Падчас цёплай і сяброўскай гутаркі Таццяна Рыгораўна расказала курсантам, як прыйшла ў прафесійны тэатр у 1963 годзе, пра пачатак сваёй кар'еры ў Алмацінскім тэатры для дзяцей і юнацтва.
2018 год у Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам малой радзімы, таму не абышлося без пытанняў з боку курсантаў пра радзіму таленавітай актрысы. Пра сваю радзіму, Смалявіцкі раён, Таццяна Рыгораўна расказвала з асаблівай любоўю і трапятаннем. Актрыса падзялілася самымі патаемнымі і яркімі ўспамінамі пра сваё дзяцінства, сям'ю, святы і традыцыі, што існавалі ў яе роднай вёсцы Шпакоўшчына.
Гутарка працягнулася апавяданнем пра любімае хобі Таццяны Рыгораўны - збіранне вуснай народнай творчасці беларусаў у выглядзе песень, асабліва калыханок, вершаў і казак. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, вось i Таццяна Рыгораўна праспявала некалькі песень i зачаравала ўсю аўдыторыю сваім голасам.
Курсанты задалі пытанні пра прафесійную дзейнасць, здымкі ў кіно. Таццяна Мархель за сваю кар'еру знялася ў 33 мастацкіх фільмах, мностве серыялаў, сыграла вялізную колькасць бліскучых роляў у тэатры.
Акторскае майстэрства нараджэнкі Беларусі высока шануюць не толькі суайчыннікі, але і замежныя тэатральныя крытыкі. Напрыклад, у 1999 годзе Таццяна Мархель атрымала знак пашаны ад Міністэрства культуры Беларусі, прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі «Залаты Віцязь» у Тамбове ў 2001 годзе і ў тым жа годзе атрымала прыз за лепшае выкананне жаночай ролі ў спектаклі «Жанчыны Бергмана» на фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. У 2002 годзе на фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» у Бранску атрымала прыз за лепшае выкананне жаночай ролі ў спектаклі «Жанчыны Бергмана», а гэтак жа прыз за лепшую жаночую ролю ў 2003 годзе на Першым Міжнародным тэатральным фестывалі «Залаты Віцязь» у Маскве.
У 2004 годзе за асабісты ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва, за высокае выканальніцкае майстэрства Таццяна Мархель узнагароджана медалём Францыска Скарыны.
У 2005 годзе яна атрымала прыз за выкананне жаночай ролі на VII Міжнародным тэлевізійна-тэатральным фестывалі «Гэты Дзень Перамогі…» (роля Паліны ў спектаклі «Трыбунал» А.Е. Макаёнка) у Маскве. Гэтак жа Таццяна Мархель - уладальніца прыза «За лепшую жаночую ролю» тэатральнага фестывалю «Тэатр. Чэхаў. Ялта» 2008 года. У 2011 годзе атрымала званне «Народная артыстка Беларусі».
Таццяна Рыгораўна не глядзіць на ўзрост і ўсё гэтак жа поўная сіл, не спыняецца на дасягнутым, актыўна здымаецца ў кіно і выступае ў тэатры. «Таццяна Рыгораўна стала для мяне сапраўдным прыкладам мэтанакіраванасці, любові да сваёй прафесіі. Вельмі прыемна гутарыць з чалавекам, які стаў сапраўдным майстрам у сваёй справе», - падзяліўся ўражаннямі курсант 2 курса Мікалай Клешчанка.
Зорка айчыннага тэатра і кіно развітвалася з курсантамі следча-экспертнага факультэта пад гучныя апладысменты.
Качан Кірыл, 2 курс.
Фота Кацярыны Місевай, 3 курс